Беларускі паэт Максім Багдановіч быў чалавекам геніяльнай адоранасці, які амаль усё жыццё правёў далёка ад Радзімы, але дагэтуль вучыць нас яе любіць.
Сёння спаўняецца 130 год з дня нараджэння паэта. Прапануем нашым чытачам узгадаць найбольш вядомыя і душэўныя яго вершы.
Блішчыць у небе зор пасеў
Блішчыць у небе зор пасеў;
У полі — рунь, і ў небе — рунь.
Да рэчкі лецячы, ўзляцеў
Між імі марай белы лунь.
Кажан пранёсся на крылах,
Стракочуць конікі ў траве,
Снуюцца мышы на палях,
Здаецца — ўсё вакол жыве.
Жыццё чуваць з усіх старон,
Жыццём напоўнены ўвесь мрок.
Ці ж загубіў плывучы сон
С чырвоных макаў свой вянок?
1913
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіневаты з кадзіла,
Рэдкі правідны туман;
Неба ўсю глыб ажывіўшы,
Патроху праз цемнь выглядалі
Зорак дрыжачых вянкі;
Конікі суха звінелі;
Шырэй разліваліся хвалі
Цёмнай, люстранай ракі;
Пала раса; у палёх
Загарэліся пацеркі мілых
Жоўта-чырвоных агнёў...
Час, калі трэба журыцца
Душою на свежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.
Слуцкія ткачыхі
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла весна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскаго узора
Цвяток радзімы васілька.
Плакала лета, зямлю пакідаючы
Цветы осенние милей
Роскошных первенцев полей.
А. Пушкін
Плакала лета, зямлю пакідаючы;
Ціха ліліся слязінкі на поле.
Але прыгожаю восенню яснаю
Там, дзе упалі яны, вырасталі
Кветкі асеннія, кветкі, ўспаённыя
Тугаю, горам, слязінкамі лета. —
Кветкі асеннія, родныя, бледныя!
Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць.
Можа таму-то душа надарваная
Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.
Санет
(Ахвярую А. Пагодзіну)Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвол твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
Для падрыхтоўкі матэрыяла быў выкарыстаны рэсурс.
Фота: адкрытыя інтэрнэт-крыніцы